ЛІТО́ЎСКАЯ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ БІБЛІЯТЭ́КА імя Марцінаса Мажвідаса.

Засн. ў 1919 на базе Віленскай гар. публічнай б-кі. Пасля акупацыі Вільні Польшчай (1919—39) пераведзена ў г. Каўнас. У 1940 атрымала статус дзярж. б-кі. З 1963 у Вільні. З 1989 сучасная назва. Асн. кніжны фонд налічвае больш за 9 млн. адзінак (1998) на літ. і замежных мовах, у т.л. 57 тыс. экз. рукапісаў, каля 30 тыс. экз. рэдкіх кніг і старадрукаў (выданні ант. аўтараў, кнігі М.Лютэра, Э.Ратэрдамскага і інш.), каля 6 млн. экз. кніг і перыёдыкі, больш за 100 тыс. мікраформ, больш за 2 млн. экз. інш. матэрыялаў (жывапіс, ноты, карты, атласы і інш.); мае калекцыю літуаністыкі (больш за 800 тыс. адзінак), у т.л. «Катэхізіс» у перакладзе М.Даўкшы (1595), калекцыю бел. кніг і перыёдыкі, надрукаваных у розныя часы ў Вільні, выданні ВКЛ на лац., ням., польск., бел. і рус. мовах. Штогод фонды павялічваюцца. Абменьваецца навук. л-рай з б-камі і ўстановамі замежных краін, захоўвае літ. рукапісную і друкаваную спадчыну, вядзе н.-д., выдавецкую і метадалаг. работу; мае аўтаматызаваную інфарм. бібліятэчную сістэму, электронны каталог літ. кнігі, інфарм. цэнтр і г.д. З 1992 б-ка з’яўляецца дэпазітарыем Еўрапейскага супольніцтва. Пры б-цы створаны Цэнтр бібліяграфіі і кнігазнаўства (б. Літ. кніжная палата).

Літ.:

Lietuvos nacionalinė Martyno Mažvydo biblioteka. Vilnius, 1993.

І.І.Курбатава.

т. 9, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)